ЛАЦІ́НСКАЯ МО́ВА, латынь,
адна з італійскіх моў. Мёртвая. Мова каталіцкай царквы, афіц. мова (разам з італьян.) Ватыкана.
У фанетыцы — доўгія і кароткія галосныя, націск на 2-м або 3-м складзе ад канца слова; у марфалогіі — выкарыстанне флексіі як асн. сродку формаўтварэння, 6 склонаў, 3 лады (індыкатыў, кан’юнктыў і імператыў), 2 станы (актыўны і медыяльна-пасіўны); у лексіцы — уплыў сабінскай, этрускай і пераважна грэч. моў. Паводле паходжання — мова племені лацінаў. Пісьмовыя помнікі з 6 ст. да н.э. З павелічэннем тэр. Рымскай імперыі Л.м. пашырылася на ўвесь Апенінскі п-аў, пазней — на паўн. Афрыку, Галію, Брытанію, Дакію і інш.
У гісторыі Л.м. ант. часу вылучаюць некалькі перыядаў. Архаічны перыяд, ад якога захавалася некалькі надпісаў 6—4 ст. да н.э., фрагменты стараж. законаў, урыўкі з сакральнага гімна сакліяў і інш. Дакласічны перыяд (3—2 ст. да н.э.) — час станаўлення літ. Л.м., у аснове якой дыялект Рыма; захаваліся камедыі Плаўта і Тэрэнцыя, фрагменты твораў інш. аўтараў. Класічная, ці «залатая», латынь (1 ст. да н.э.) — мова з багатай лексікай, развітой навук.-філас., паліт. і тэхн. тэрміналогіяй, разнастайнасцю сінтакс. сродкаў. Найб. развіцця дасягнула л-ра (Цыцэрон, Вергілій, Гарацый, Авідзій). Паслякласічная, ці «сярэбраная», латынь (1 ст.), калі канчаткова склаліся фанет. і марфал. нормы літ. мовы, устаноўлены правілы арфаграфіі, якімі кіруюцца і пры сучасным выданні лац. тэкстаў. Позняя латынь (2—6 ст.) характарызуецца развіццём нар.-размоўнай мовы. Пасля заняпаду Рымскай імперыі (5 ст.) з дыялектаў Л.м. пачалі развівацца раманскія мовы. Л.м. ў сярэднія вякі стала міжнар. мовай навукі, школы, філасофіі, дыпламатыі, часткова л-ры. На ёй пісалі Т.Мор, Эразм Ратэрдамскі, М.Капернік, Ф.Бэкан, І.Ньютан. Дзякуючы Л.м. культура Рыма і ўспрынятая ім грэч. культура сталі набыткам чалавецтва. Еўрап. мовы адчулі на сабе ўплыў Л.м. як крыніцы лексічнага ўзбагачэння і папаўнення паліт., навук. і тэхн. тэрміналогіі. Лац. алфавіт абслугоўвае многія мовы свету (гл. Лацінскае пісьмо).
У 16—18 ст. на ўсх.-слав. землях, у т.л. на Беларусі, Л.м. выкладалася ў навуч. установах, выкарыстоўвалася ў справаводстве, дыпламат. перапісцы, пры напісанні навук. трактатаў і літ. твораў. Яе добра ведалі і на ёй пісалі бел. асветнікі Мікола Гусоўскі, С.Будны, Сімяон Полацкі і інш. Многія запазычанні з Л.м. ўвайшлі ў бел. мову (гл. Лацінізм).
Літ.:
Тронский И.М. Очерки по истории латинского языка. М.; Л., 1953;
Яго ж. Историческая грамматика латинского языка. М., 1960.
т. 9, с. 167